Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Заслаўская сярэдняя школа № 1”
Арфаграфічная хвілінка
“Моўная крыжаванка”
(замацаванне тэм “Правапіс літар О, Ё”, “Правапіс
літар Э, Е”, “Перадача акання на пісьме”, “Правапіс У (складовага) і Ў (нескладовага)”
Настаўнік беларускай мовы і
літаратуры
Тарасевіч Вячаслаў Леанідавіч
Заслаўе 2015
Роля арфаграфічных хвілінак у засваенні абноўленых “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” на ўроках беларускай мовы.
Адным з найбольш эфектыўных і найбольш цяжкіх шляхоў у барацьбе за граматнасць з’яўляецца сістэматычнасць у навучанні.
Сістэма ў практыкаваннях – гэта перш за ўсё рэгулярнасць трэніровачнай работы і паступовае, паслядоўнае яе ўскладненне, гэта і сувязь між асобнымі практыкаваннямі, тэмамі, паслядоўнасць у супастаўленні новага матэрыялу са старым, паступовае пашырэнне кола тэм, якія паўтараюцца, ці ўвядзенне новага ў сувязі са зменамі ў беларускім правапісе.
“Усякае новае практыкаванне павінна знаходзіцца ў сувязі з папярэднім, абапірацца на яго і рабіць крок наперад…” (К. Д. Ушынскі).
Ствараючы сістэму практыкаванняў, вельмі важна з разнастайных практыкаванняў адабраць толькі неабходнае. Чым пры гэтым кіравацца? За аснову бярэцца, па-першае, эфектыўнасць адных практыкаванняў у параўнанні з іншымі, па-другое, абавязковасць тых ці іншых у сістэме. Прычым эфектыўнымі будуць тыя, што паспяхова вырашаюць арфаграфічныя задачы і садзейнічаюць маўленчаму і інтэлектуальнаму развіццю вучняў.
Важным, неабходным у святле новага ў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі становіцца выкарыстанне на ўроках арфаграфічных ці слоўнікава-арфаграфічных хвілінак. Праводзіцца такая работа можа на любым этапе ўрока (растлумачыць правапіс выдзеленых літар у словах (на закрытай палове дошкі папярэдне запісаны словы), запісаць пад дыктоўку словы (на адпаведнае правіла), агучыць правіла і ўвесці лексічныя адзінкі, у правапісе якіх адбыліся змены згодна з абноўленымі “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.
Так, настаўнік можа прапанаваць наступныя віды дзейнасці пры правядзенні арфаграфічных хвілінак:
- запіс слоў пад дыктоўку (на адпаведнае правіла), агучыць правіла, якое рэгулюе напісанне адпаведных арфаграм; - тлумачэнне выдзеленых літар у словах (на адваротным баку дошкі папярэдне запісаны словы);
- паўторны запіс цяжкіх слоў, на якія раней акцэнтавалася ўвага, пад дыктоўку на дошцы і ў сшытках;
- практыкаванне тыпу дыктанта “Правяраю сябе”;
- групоўка слоў па арфаграмах;
- аналіз памылак, якія дапушчаны ў работах;
- выпраўленне памылак у дэфармаваным тэксце;
- выпраўленне памылак у іншых вучняў;
- дыктанты з папярэднім разборам (сумяшчэнне арфаграфічных заданняў з заданнямі іншага плана: спісаць, правільна расставіць націскі, завучыць іх, выканаць графічны разбор);
- запісванне прапанаваных слоў па-беларуску;
- адзначэнне радкоў, у якіх усе словы напісаны правільна і інш.
Арфаграфічныя хвілінкі ўключаюць у сябе развіццё ў вучняў умення разважаць над прымяненнем правілаў да адпаведнага матэрыялу.
Увага стварае аснову для арфаграфічнай пільнасці.
Усё большае значэнне у сучасных умовах набывае развіццё ў вучняў матываў навучання, абуджэнне у іх цікавасці да мовы, неабходнасці ў ведах, уменнях і навыках па роднай мове.
Адным з такіх сродкаў з’яўляецца нагляднасць. Для малодшых школьнікаў – гульнёвыя варыянты, а таксама выкарыстанне ілюстрацый для запісу слоў.
Каб прабудзіць у вучня ўнутранае жаданне авалодаць нормамі правапісу, неабходна перш за ўсё на яркіх, даступных прыкладах паказаць яму значнасць арфаграфіі, запэўніць у неабходнасці авалодання ёю.
Адной з найбольш дзейсных форм правядзення арфаграфічных хвілінак з’яўляецца моўная крыжаванка. Вашай увазе прапаноўваецца адзін са шматлікіх варыянтаў моўнай крыжаванкі для вучняў 9 – 11 класаў. У прыватнасці на ёй замацоўваюцца арфаграфічныя навыкі па тэмах “Правапіс літар О, Ё”, “Правапіс літар Э, Е”, “Перадача акання на пісьме”, “Правапіс У (складовага) і Ў (нескладовага)”.