Акинчицы

Пуцявінамі народнага песняра

    Коласаўскія мясціны Стаўбцоўшчыны заўсёды былі надзвычай прыцягальнымі для наведвальнікаў. Гэта не толькі малая радзіма народнага песняра, але і славуты прынёманскі край, вядомы сваёй прыгажосцю, гасціннасцю, мудрасцю і таленавітасцю мясцовых жыхароў. І як не прыгадаць вядомыя з дзяцінства, пранікнёныя словы класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!” З дзіцячых гадоў і да скону дзён пясняр быў неразлучны з мілым сэрцу родным краем, апеў яго ў шматлікіх сваіх творах. Таму напярэдадні чарговай гадавіны з дня нараджэння Я. Коласа ў нашай школе была арганізавана экскурсійная паездка па яго родных мясцінах. Нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е, наша група паспяхова дабралася на электрычцы да Стоўбцаў, а затым накіравалася ў Коласаўскі дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей.

    Засценак Акінчыцы (цяпер прыгарад Стоўбцаў), лясная камора. Тут 3 лістапада 1882 года ў сям’і лесніка Міхала Міцкевіча нарадзіўся сын, якога назвалі Кастусём і якому лёсам было наканавана стаць народным паэта. Але доўга пражыць у Акінчыцах не давялося сям’і Міцкевічаў. У красавіку 1883 года бацьку перавялі на новае месца працы, за ім пераехала і ўся сям’я. Аб гэтым і многім іншым нам распавяла загадчыца акінчыцкага музея Соф’я Пятроўна Міцкевіч. Надзвычай цікава было слухаць чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню і захаванню літаратурнай спадчыны Я. Коласа.

    Тым часам, пакінуўшы Акінчыцы, лясной дарогай мы накіроўваемся ў Альбуць. Які ж прыгожы лес у гэтую восеньскую пару! На дрэвах яшчэ захавалася шматкаляровая лістота, шамаціць яна і пад нагамі, разаслаўшыся яркім дываном на зямлі. Як хочацца ў такія хвіліны прыгадаць радкі з трылогіі “На ростанях”. Аўтар з глыбокім пачуццём піша: “У лесе было ціха. Скрозь галінкі выносістых хвоек прабіваліся  яшчэ цёплыя косы восеньскага сонца. Пажоўклыя калюшкі ападалі на дол, ледзь зачэпіш галінкі. Дзесь у небе закрычалі жураўлі, шыбуючы ў вырай. І розныя думкі, лёгкія, як цені хваёвых галінак, як курлыканне журавоў у небе, снавалі ў сэрцы…”

    Альбуць стала творчай калыскай паэта. Сюды пераехалі бацькі ў 1890 годзе. Васьмігадовы Кастусь навучыўся тут чытаць і пісаць, адсюль хадзіў у Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча, адсюль паехаў вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Тут з’явілася яго першая спроба пяра. Альбуцкім мясцінам пашчасціла быць апетымі Я. Коласам у многіх яго творах. Зноў непераўзыйдзеным прамоўцам і гідам стала Соф’я Пятроўна Міцкевіч, за што мы ёй шчыра ўдзячны.

    Надоўга ў памяці вучняў і настаўнікаў застануцца тыя хвіліны спаткання з коласаўскімі мясінамі, якія духоўна ўзбагацілі кожнага, хто душой і сэрцам дакрануўся да неўміручай спадчыны народнага песняра.

    Мы наўмысна ў школе не арганізоўвалі аўтобусную паездку, бо ў такім выпадку наўрад ці кожны з вучняў змог бы адчуць жывое далучэнне да генія беларускай літаратуры і яго найвялікшага літаратурнага здабытку, пранікнуцца любоўю і павагай да асобы вялікага паэта. Таму напрыканцы хацелася б пажадаць усім прыхільнікам  таленту Я. Коласа перажыць тыя хвіліны радасці і натхнення, якія авалодалі намі падчас незабыўнай вандроўкі на радзіму народнага песняра.

                         

                                               Вячаслаў Тарасевіч, настаўнік беларускай мовы і  

                                               літаратуры ДУА “Заслаўская сярэдняя школа №1”