Памяць жыве ў Заброддзі

Памяць жыве ў Заброддзі

      І гэта не проста словы, не канстатацыя фактаў. Гэта жыццёвая праўда цяперашняга часу, сведчанне неабыякавасці сучаснікаў да мінулага, да гісторыі Бацькаўшчыны, да подзвігу нашых продкаў у часы ваенных ліхалеццяў. А пераканаліся ў гэтым мы, настаўнікі і вучні Заслаўскай сярэдняй школы №1, падчас традыцыйнай летняй турыстычнай вандроўкі па родным краі, калі наведалі невялікую вёсачку на беразе хуткаплыннай Нарачанкі, што ў Вілейскім раёне. Па праўдзе кажучы, на слыху  гэтая мясціна была даўно, але наведацца сюды надарылася толькі сёлета. Наведаліся і не пашкадавалі.

       Сёння Заброддзе – унікальны ў сваім родзе куток Беларусі, мемарыяльна-этнаграфічны комплекс, своеасаблівы пантэон Памяці. А ўнікальнасць яго звязана з лёсам адной канкрэтнай сям’і, аднаго роду. Вось ужо 45 год як мінскі мастак Барыс Барысавіч Цітовіч, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае алраджэнне, разам са сваёй жонкай, рэжысёрам і актрысай, Валянцінай Пятроўнай жывуць тут, апантаныя высакароднай справай зберажэння, захавання памяці аб падзеях стогадовай даўніны. У выніку самаадданай, плённай працы ў Заброддзі існуе адзіны ў Беларусі музей Першай сусветнай вайны, які месціцца ў Барыса-Глебскай капліцы. І гэта толькі пачатак. У перспектыве – стварэнне новай экспазіцыі на аснове пяці чыгуначных вагонаў, што стаяць непадалёку ад капліцы і якія з’яўляюцца макетнай рэканструкцыяй часткі цягніка перыяду Першай сусветнай вайны.

      А яшчэ руплівыя гаспадары на ўскрайку вёскі стварылі палісад Памяці. Першыя дрэвы ў ім былі пасаджаны класікамі беларускай літаратуры Алесем Адамовічам і Васілём Быкавым. Зараз тут сапраўдны гай з клёнаў і бяроз, пасаджаных у памяць аб тых, хто не вярнуўся ў сваю маленькую вёсачку з вайны. І як прыемна летнім спякотным днём адпачыць у засені дрэў, паслухаць спеў птушак, адчуць гармонію чалавека і прыроды. І як важна ўсвядоміць непераўзыйдзеную ісціну: пакуль мы будзем помніць, мы будзем жыць.

      Справа Цітовіча-старэйшага знайшла своеасаблівае прадаўжэнне ў лёсе яго сына Данілы, таксама вельмі творчага чалавека, рэстаўратара, калекцыянера, які разам з жонкай Кацярынай стварылі ў Заброддзі аграсядзібу. Так з часам узніклі музей рэтра-тэхнікі, які налічвае больш за сотню адзінак экспанатаў, і этна-экспазіцыя беларускага побыту. Так што гэтае месца яшчэ вядома і як здымачная пляцоўка айчынных і замежных кінематаграфістаў. Усё сваё жыццё сям’я Цітовічаў імкнецца да галоўнага, каб праз сутыкненне з мінулым фарміраваць будучае Беларусі. Гэта таксама наша памяць, удзячнасць продкам за неацэнны скарб – тую спадчыну, якую яны пакінулі нашчадкам.

      Вельмі хутка праляцеў час. Але тыя гадзіны, праведзеныя ў Заброддзі, пакінулі своеасаблівы адбітак і ў памяці, і ў душы. Менавіта такія куточкі нашай Радзімы  павінны стаць месцам пастаяннага наведвання, каб душой і сэрцам адчуць непарыўную сувязь мінулага і сучаснага, каб зразумець сваё прызначэнне на зямлі і глыбока ўсвядоміць важнасць захавання народнай памяці.

                                

 

  Вячаслаў Тарасевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

                                  ДУА “Заслаўская сярэдняя школа №1”