Тыдзень беларускага пісьменства і друку

Тыдзень беларускага пісьменства і друку

      У першую нядзелю верасня на Беларусі адзначаецца свята слова – Дзень беларускага пісьменства і друку. У сувязі з гэтым першы тыдзень у ўстановах адукацыі Мінскага раёна   – гэта тыдзень беларускага пісьменства. Традыцыйным гэтае свята стала і ў Заслаўскай сярэдняй школе № 1.

      Настаўнікі разам з вучнямі падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў: кніжныя выставы, бібліятэчныя ўрокі, выпуск тэматычных газет, экскурсіі ў мясціны, звязаныя з лёсам вялікіх пісьменнікаў.

       Традыцыйнымі сталі ў пачатковых класах   ўрокі ведаў “Разгорнутая кніга”, на якіх дзеці робяць  вандроўку ў далёкае мінулае і даведваюцца аб тым, як узнікла пісьменства, якія помнікі пісьменства дайшлі да нашых дзён, якой была ў старажытнасці кніга. Вучні дзеляцца  сваімі ўражаннямі пра беларускую кнігу, якая закранула душу, расказамі пра любімага героя з кніжнага свету.

       А вучань 10 класа Заслаўскай сярэдняй школы № 1 Агейчык Анатоль  непасрэдна ўдзельнічаў у Дні пісьменства і друку ў Рагачове як пераможца Рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў “Залатое пяро Белай Русі”.

      Запрашаем дакрануцца разам з намі да свята беларускага слова  праз меркаванні ўдзельнікаў, вучняў і настаўнікаў нашай школы.

         Вераніка Кутас, настаўніца пачатковых класаў:

- Такія мерапрыемствы ў нашай школе  будуць не раз яшчэ праводзіцца не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы. Калі ты нарадзіўся беларусам, калі ты жывеш на зямлі Беларусі, нельга не шанаваць родную мову, менавіта яна злучае людзей у адзін народ.

       Сімуткіна Аліна, вучаніца 3 класа Заслаўскай сярэдняй школы № 1:

- Я атрымала цудоўны настрой і паглыбіла свае веды па мове і  літаратуры.Якія цудоўныя вершы гучалі ў нашым класе пра родную мову, пра беларусаў, пра наш родны край!        

       Агейчык Анатоль:

- Дзень пісьменства скончыўся. А ў сэрцы – утульнасць, у думках – узрушанасць, у душы – радасць за сваю Беларусь. Рагачоў купаўся ў святочным настроі, ззяў тысячамі ўсмешак. Ад мноства прапанаваных мерапрыемстваў проста разрываўся на часткі: паслухаць выступленне вакальнага калектыву, прайсціся па горадзе майстроў ці аддаць перавагу кніжнай выставе? Дзень пісьменства прайшоў вельмі насычана, ярка і па-беларуску.