Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады.
Толькі сэрцам пачую тваю песню лясную,
І ўспомню былыя гады…
Гэтыя радкі з вядомай песні на верш паэта-франтавіка Адама Русака часта ўсплываюць у памяці, калі размова заходзіць пра страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны. З таго далёкага часу нашу Беларусь нездарма сталі называць рэспублікай-партызанкай. Ні днём, ні ноччу не ведалі спакою захопнікі на акупіраванай, але няскоранай зямлі. Каля 400 тысяч чалавек налічвала армія народных мсціўцаў. І не злічыць, колькі людзей дапамагала ім – карміла і апранала, сагравала і лячыла. Дзяліліся ўсім, чым маглі, і рызыкавалі ўсім, што мелі. І перш за ўсё – жыццём. Памяць пра той час і сёння жыве ў кожнай беларускай сям’і як удзячнасць мінулым пакаленням за здзейснены подзвіг і як напамін ад неабходнасці берагчы мір і спакой на зямлі.
А яшчэ гэтыя радкі сталі сугучнымі з тэматыкай чарговага шматдзённага турыстычнага паходу вучняў і настаўнікаў Заслаўскай сярэдняй школа №1, які быў праведзены пагоднымі чэрвеньскімі днямі ў рамках рэспубліканскага конкурсу на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму – выхавай сябе” і стаў своеасаблівай Вахтай Памяці напярэдадні сумнага юбілею – 75-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз маршрут нашай вандроўкі пралёг па тэрыторыі Магілёўшчыны, па тых мясцінах, дзе стваралася свая адметная старонка славы клічаўскіх партызан, дзе прайшлі шляхі-дарогі народных герояў Асіповіччыны.
Адным з першых значных прыпынкаў на шляху руху стаў невялікі гарадок Клічаў, у якім мы з задавальненнем наведалі раённы краязнаўчы музей, заснаваны ў 1964 годзе. На сённяшні дзень у фондах музея наличваецца каля 11 тысяч экспанатаў. Уся гісторыя краю атрымала адлюстраванне ў 8 экспазіцыйных і 1 выставачнай зале. Пачынаючы экскурсію ва ўводнай зале, якая ўяўляе сабою разгорнутую кнігу, дырэктар музея Н. В. Храмянкова адзначыла, што кожны наведвальнік, праходзячы залу за залай, быццам перагортвае старонкі гісторыі, апыноўваецца ў розных яе перыядах, глыбей асэнсоўвае народную спадчыну беларусаў. У зале археалогіі пераносімся ў далёкае мінулае і даведваемся, якія славянскія плямёны засялялі тутэйшыя землі, як жылі старажытныя продкі, якія прылады працы, прадметы зброі і побыту прымянялі. Экспазіцыя залы “Рака і чалавек” пабудавана на аснове матываў мясцовай легенды “Як знікла рака Лень”. Са шматлікасцю звычак і абрадаў канца XIX– пачатку XX стагоддзяў знаёміць зала “Культура і побыт земляробаў”. Прадметы культу хрысціян прадстаўлены ў зале “Святыя лікі вечнасці”. Наступная зала “Гісторыя Клічаўскай партызанскай зоны” распавядае пра арганізацыю партызанскага руху на Клічаўшчыне, пра найбольш цяжкі і трагічны перыяд ў гісторыі краю. Самая маладая зала з усіх – зала прыроды, экспазіцыя якой была створана ў 2014 г. Тут прадстаўлены экспанаты флоры і фаўны аднаго з самых лясістых рэгіёнаў Магілёўшчыны. А яшчэ пры музеі існуюць такія асаблівыя адметнасці як зімовы сад і аптэкарскі агарод, пра якія дырэктар музея таксама з гонарам расказала ўдзельнікам нашай групы. Было бачна з якой цеплынёй і любоўю супрацоўнікі музея зберагаюць і памнажаюць гістарычныя здабыткі, мясцовыя традыцыі і звычаі, вывучаюць сучасную адметнасці роднага краю. Можна толькі пазайздросціць іх аптымізму і самаадданасці высакароднай справе ахоўнікаў мінулага.
І ўжо пакідаючы Клічаў, мы не маглі не спыніцца каля Кургана Бес- смяротнасці, які быў узведзены ў гонар ўсіх, хто змагаўся і загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. У такіх месцах найбольш востра адчуваеш трагічнасць падзей мінулай вайны, самаахвярнасць людзей у экстрымальных сітуацыях, калі трэба прымаць адзінае правільнае рашэнне. Подзвіг воінаў, партызан і падпольшчыкаў Клічаўшчыны – яскравы прыклад таму.
Увогуле, клічаўскі край багаты на гераічныя падзеі ваеннага перыяду свайго існавання. Аб гэтым сведчаць шматлікія помнікі і абеліскі, што сутракаліся нам на маршруце і расказвалі аб розных фактах з гісторыі ваеннага ліхалецця. Так, каля вёскі Паплавы ўстаноўлены мемарыяльны знак на месцы злучэння 28 чэрвеня 1944 г. партызанскіх атрадаў з часткамі Савецкай Арміі. На ўскрайку вёскі Гонча ўдзельнікі паходу ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле. Асаблівае ўражанне адчуў кожны член групы, калі мы наведалі мемарыяльны комплекс “Расколатая хата”, які прысвечаны ахвярам спаленых у жніўні 1942 г. вёсак Вязень і Сялец Клічаўскага раёна, 140 жыхарам-пакутнікам, што былі закатаваны фашысцкімі карнікамі. Не могуць не кранаць словы, выбітыя на камені:
Прыпыніцеся! Тут, дзе смуткуюць зялёныя шаты,
Дзе калісьці жыццё, як празрысты струмень гаманіла,
Песню шчасця, дзяцінства спынілі фашысцкія каты.
Будзьце ж пільнымі! – вас заклікаюць нямыя магілы.
Забягаючы наперад, скажу, што нешта подобнае ў апошні дзень вандроўкі мы пачулі і ўбачылі ў вёсцы Брыцалавічы Асіповіцкага раёна. Задумайцеся толькі над гэтым неаспрэчным фактам: 667 мірных жыхароў вышэйназванай вёскі – старых, жанчын, дзяцей – зажыва спалілі фашысцкімі нелюдзі толькі за тое, што на бліжэйшай станцыі партызаны нібыта забілі двух нямецкіх салдат. Плакалі дзеці, прасілі літасці маці, але рука карніка не здрыганулася, не пашкадавала нікога. Зараз на месцы вёсак Вязень і Сялец чыстае поле, жыццё тут больш ніколі не адзавецца гучны гоманам і дзіцячым смехам. А вось вёска Брыцалавічы пасля вайны адрадзілася, але не стала такой шматлюднай, як папярэдняя. Толькі помнікі нагадваюць аб трагедыі ваенных часоў. Мабыць, самім лёсам ім, і яшчэ 69 вёскам Клічаўскага раёна, наканавана было перажыць трагедыю Хатыні. Цяжка словамі перадаць эмацыянальны стан, які авалодвае табою пры наведванні падобных месцаў. Ды і ці трэба тут нешта яшчэ гаварыць…
Але галоўнай мэтай нашай вандроўкі стала наведванне мемарыяльнага комплексу партызанскай славы каля вёскі Усакіна. У гераічным летапісе тых гадоў партызанам Клічаўшчыны належыць свая адметная старонка славы. Ціхі і мірны край з першых дзён вайны стаў краем актыўнага супраціўлення варожаму насіллю, арганізуючым і кіруючым цэнтрам партызанскага руху на Магілёўшчыне. Месцам, дзе выспяваў і адкуль браў разгон гэты рух былі ўсакінскія лясы – тысячы гектараў лясоў і балот, што працягнуліся праз увесь раён. Тут, у лясной глыбінцы, было месца дыслакацыі партызанскіх атрадаў і злучэнняў, тут складаліся планы баявых аперацый, адсюль атрады ішлі на штурм фашысцкіх гарнізонаў, сюды вярталіся з трафеямі, зведаўшы радасць перамог і горыч страт. Ва ўсакінскіх лясах базіраваліся Магілёўскі падрольны абком КП(б)Б і штаб абласной ваенна-аператыўнай групы, абком ЛКСМБ, падпольныя Клічаўскі, Бялыніцкі, Магілёўскі, Бярэзінскі райкомы, Бабруйскі міжрайком партыі. З верасня 1942 года пачалі выходзіць газеты “Голас партызана” і “За Радзіму”.
Прайшлі гады, і ў 1985 годзе на гэтым славутым месцы вырас мемарыяльны комплекс. Пачынаецца ён памятным знакам Магілёўскаму падпольнаму абкому партыі. За ім адноўлены партызанскі лагер: зямлянкі, хлебапякарня, калодзеж, бруствер з месцамі для агнявых кропак, варонкі ад бомбаў і снарадаў. Цяжкія сляды вайны не ў сілах схаваць і час. Яны – наша жывая памяць. Астанкі загінуўшых і пахаваных у розных месцах усакінскага лесу партызанаў былі перавезены на могілкі мемарыялу. У 18 брацкіх магілах вечным сном спяць больш за 400 паўшых герояў. Над бяскрайнім лясным прасторам плыве цішыня. Толькі зрэдку парушыць яе птушыны спеў ці пошум ветру ў верхавінах стройных дрэў. І так хочацца, каб не згасла з часам слава народнага подзвігу, каб не зарастала травой сцежка ў такія месцы, каб будучыя пакаленні вучыліся жыць на гераічных прыкладах нашых адважных продкаў.
У завяршэнні свайго аповяду хацелася б нагадаць словы 93-гадовага жыхара вёскі Усціж Асіповіцкага раёна, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, удзельніка партызанскага руху Цімафея Сцяпанавіча Альховіка, з якім мы пазнаёміліся ў апошні дзень паходу: “Аб вайне ведаць страшна, а забыць немагчыма”. Няхай яны стануць перасцярогай і напамінам кожнаму з нас аб трагедыі мінулай вайны, аб шматлікіх ахвярах таго жудаснага часу, аб вечным абавязку жывых перад загінуўшымі. Будзем нашай памяццю вымяраць сваё жыццё і ўчынкі дзеля будучых пакаленняў.
Вячаслаў Тарасевіч, настаўнік беларускай мовы і
літаратуры ДУА “Заслаўская сярэдняя школа№1”,
кіраўнік турыстычнай групы