Пазнаваць Радзіму – выхоўваць сябе



Пазнаваць Радзіму – выхоўваць сябе

    Ужо не першы раз пасля вяртання з чарговай турысцкай вандроўкі па Беларусі лаўлю сябе на думцы і пераконваюся ў яе ісціне, што няма лепшай і даражэйшай зямлі, чым родны край. Тыя мясціны, дзе ты нарадзіўся, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады, адкуль ты праклаў сваю першую сцяжынку ў шырокі свет, застаюцца з табой назаўсёды. За больш чым 20-гадовы перыяд арганізацыі і правядзення турысцкіх паходаў і экспедыцый у Заслаўскай сярэдняй школе №1 з вучнёўскімі групамі давялося аб’ездзіць і абхадзіць практычна ўсю Беларусь. Але кожны раз, наведваючы новыя мясціны, ідучы па новых маршрутах, адкрываеш нязведаныя старонкі мінулага і сучаснага нашай Бацькаўшчыны, не перастаеш здзіўляцца прыгажосці, непаўторнасці і духоўнаму багаццю сваёй Радзімы. Толькі тады пачынаеш усведамляць непарыўную еднасць і непадзельнасць сябе з роднай зямлёй.

    Па праўдзе кажучы, ідэя наведаць Глыбоччыну выспявала даўно. Нечым асабліва прывабным і загадкавым маніў да сябе гэты куток Віцебшчыны. Але па розных прычынах прыходзілі іншыя рашэнні. І толькі ў гэтым годзе пашчасціла ажыццявіць задуманае, аб чым мы ніколькі не шкадуем. І сапраўды, нешта бязмежна глыбокае і неспазнанае ёсць у тутэйшых назвах: глыбокая плынь гісторыі, глыбокая мудрасць мясцовых жыхароў, глыбіня іх дум і памкненняў, глыбіня і непрадказальнасць прыродных нетраў. Усё гэта гарманічна ўзаемаўвязана і ўзаемадапаўняльна існуе на гэтай зямлі многія і многія стагоддзі.  

    Ціхі ясны летні ранак. Над даляглядам, з-за зубчатага лесу з’яўляюцца першыя водбліскі сонца. Туман, нібы белае покрыва, сцелецца над спакойнай гладдзю возера. Ранняя раса буйна пакрыла прыбярэжныя лугавыя прасторы. Як прыемна прайсціся па ёй басанож, нягледзячы на сцюдзёнасць ранішняй вільгаці! Як цудоўна адчуць у такія імгненні нейкую асаблівую сувязь з зямлёй, з яе энергетыкай! Як радасна ўсведамляць сваю прыналежнасць да навакольнага свету, да прыроднага багацця краіны! І не дзіўна, што пад уражаннем убачанага і пачутага нараджаюцца такія паэтычныя радкі:

Ціхія світанкі над Глыбоччынай,

Туманы азёрамі плывуць.

Дзе яшчэ ўбачыш дзіва гэткае?

Дзе Радзімы подых так адчуць?

Падобныя малюнкі нам даводзілася назіраць не толькі на возеры Акунёва, але і на Вялікай Плісе, і на возеры Белае каля Бабруйшчыны – усюды, дзе мы спыняліся на начлег і разгортвалі свой паходны лагер. Скончыўшы дзённыя турботы, на зыходе дня ўсе разам збіраліся каля вогнішча, абменьваліся сваімі ўражаннямі, аб нечым спрачаліся. Кожнаму было што сказаць, бо ўбачанае, перажытае, пераадоленае за паходны дзень давала надзею, падбадзёрвала, станавілася чарговай пераможнай прыступкай у змаганні са сваімі слабасцямі.

    Знаёмства ж з глыбоцкім краем пачалося, калі мы наведалі раённы цэнтр, дзе перад намі паўсталі шматлікія  гарадскія славутасці. З іх варта асабліва выдзеліць каталіцкі Троіцкі касцёл і праваслаўны  сабор Нараджэння Дзевы Марыі – помнікі архітэктуры XVII стагоддзя, узятыя пад апеку ЮНЕСКА. Цікава было таксама пазнаёміцца са славутымі землякамі, у гонар якіх у 2012 годзе падчас светкавання Дня беларускай пісьменнасці ўрачыста адкрыта бюставая алея знакамітых людзей. Сярод іх мецэнат Іосіф Корсак, пісьменнік, мастак, фалькларыст Язэп Драздовіч, засновальнік айчыннага тэатра Ігнат Буйніцкі, канструктар авіяцыйнай тэхнікі Павел Сухі, пісьменнік, гісторык Вацлаў Ластоўскі. Іх імёнамі ганарацца жыхары Глыбоччыны, іх імёны свята ўшаноўваюцца.

    Яшчэ больш шырока і падрабязна паўстала гісторыя гэтага краю, калі мы наведалі раённы гісторыка-этнаграфічны музей, дзе нас гасцінна і ветліва сустракалі яго супрацоўнікі на чале з дырэктарам В. П. Саланінка. А больш чым гадзінная экскурсія пераканала ў багацці і своеасаблівасці гэтага куточка Беларусі на факты, падзеі і нават гістарычныя здзяйсненні. Увогуле, за пяць дзён найцікавейшага падарожжа давялося пешшу пераадолець больш чым 50-кіламетровы шлях, які пралягаў і асфальтавай аўтатрасай, і прасёлкавымі ці палявымі дарогамі, і непрыкметнымі ляснымі сцежкамі. Але заўсёды адны прыводзілі да аб’ектаў з адметнай гісторыяй і незвычайным, часам трагічным лёсам, другія – да цікавых людзей, чыё жыццё – прыклад самаахвярнасці і нязломнасці духу. Так у в. Мамаі каля самай дарогі высіцца каменная Праабражэнская царква – помнік архітэктуры класіцызму XVIII ст., а ў в. Заборье нам сустрэўся даволі рэдкі ў Беларусі помнік драўлянага дойлідства пачатку XIX ст. – Свята-Мікалаеўскі храм. У цэнтры вёскі Пліса размешчаны яшчэ адзін помнік архітэктуры – царква святой Параскевы Пятніцы, пабудаваная ў 1887 г., а побач з ёй, на плошчы, пастаўлены ўнікальны ў сваім родзе каменны крыж, з’яўленне якога адносяць да пачатку XIV стагоддзя. І зусім ўжо неверагоднай нам падалася гісторыя невялічкай царквы Іаана Хрысціцеля ў в. Бабруйшчына. таксама помніка дойлідства псеўдарускага стылю XIXст. на Глыбоччыне. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты цагляны храм стаў своеасаблівай Брэсцкай крэпасцю для народных мсціўцаў. Усё вышэй пералічанае – наша гісторыя, наша памяць, якую нельга забываць і варта беражна захоўваць, па якой неабходна вымяраць сваё будучае, каб жыць.

    Вельмі часта здараецца так, што мы ў сваім сумятлівым жыцці дзеля пошуку цудаў едзем у далёкія заморскія краіны, здзіўляемся архітэктуры чужых гарадоў, шукаем там іншыя дзіўныя рэчы, плацячы за гэта любыя грошы, а красу сваіх родных мясцін мінаем і не заўважаем. Чаму так адбываецца? Няхай на гэтае пытанне кожны адкажа самастойна, памятаючы адну вельмі важную ісціну: пазнаючы Радзіму, Бацькаўшчыну, мы выхоўваем саміх сябе, вучымся быць людзьмі з вялікай літары. А інакш і быць не можа.

 

Вячаслаў Тарасевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

                                   ДУА “Заслаўская сярэдняя школа №1”