Тарасевич В. Л.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

 “Заслаўская  сярэдняя школа № 1”

 

 

 

Арфаграфічная хвілінка

 

“Моўная крыжаванка”

  

 (замацаванне тэм “Правапіс літар О, Ё”, “Правапіс    

літар Э, Е”, “Перадача акання на пісьме”, “Правапіс У (складовага) і Ў (нескладовага)”

 

 

                                  Настаўнік беларускай мовы і   

                                                 літаратуры

Тарасевіч Вячаслаў Леанідавіч

 

 

 

Заслаўе 2015

Роля арфаграфічных хвілінак у засваенні абноўленых “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” на ўроках беларускай мовы.

 

            Адным з найбольш эфектыўных і найбольш цяжкіх шляхоў у барацьбе за граматнасць з’яўляецца сістэматычнасць у навучанні.

            Сістэма ў практыкаваннях – гэта перш за ўсё рэгулярнасць трэніровачнай работы і паступовае, паслядоўнае яе ўскладненне, гэта і сувязь між асобнымі практыкаваннямі, тэмамі, паслядоўнасць у супастаўленні новага матэрыялу са старым, паступовае пашырэнне кола  тэм, якія паўтараюцца,  ці ўвядзенне новага ў сувязі са зменамі ў беларускім правапісе.

“Усякае новае практыкаванне павінна знаходзіцца ў сувязі з папярэднім, абапірацца на яго і рабіць крок наперад…” (К. Д. Ушынскі).

Ствараючы сістэму практыкаванняў, вельмі  важна з разнастайных практыкаванняў адабраць толькі неабходнае. Чым пры гэтым кіравацца? За аснову бярэцца, па-першае, эфектыўнасць адных практыкаванняў у параўнанні з іншымі, па-другое, абавязковасць тых ці іншых у сістэме. Прычым эфектыўнымі будуць тыя, што паспяхова вырашаюць арфаграфічныя задачы і садзейнічаюць маўленчаму і інтэлектуальнаму развіццю вучняў.

Важным, неабходным у святле новага ў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі становіцца выкарыстанне на ўроках арфаграфічных ці слоўнікава-арфаграфічных хвілінак. Праводзіцца такая работа можа на любым этапе ўрока (растлумачыць правапіс выдзеленых літар у словах (на закрытай палове дошкі папярэдне запісаны словы), запісаць пад дыктоўку словы (на адпаведнае правіла), агучыць правіла і ўвесці лексічныя адзінкі, у правапісе якіх адбыліся змены згодна з абноўленымі “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

Так, настаўнік можа прапанаваць наступныя віды дзейнасці пры правядзенні арфаграфічных хвілінак:

-  запіс слоў пад дыктоўку (на адпаведнае правіла), агучыць правіла, якое рэгулюе напісанне адпаведных арфаграм; - тлумачэнне выдзеленых літар у словах (на адваротным баку дошкі папярэдне запісаны словы);

     - паўторны запіс цяжкіх слоў, на якія раней акцэнтавалася ўвага, пад дыктоўку на дошцы і ў сшытках;

    - практыкаванне тыпу дыктанта “Правяраю сябе”;

    - групоўка слоў па арфаграмах;

    - аналіз памылак, якія дапушчаны ў работах;

    - выпраўленне памылак у дэфармаваным тэксце;

         - выпраўленне памылак у іншых вучняў;

         - дыктанты з папярэднім разборам (сумяшчэнне арфаграфічных заданняў з заданнямі іншага плана: спісаць, правільна расставіць націскі, завучыць іх, выканаць графічны разбор);

      - запісванне прапанаваных слоў па-беларуску;

       - адзначэнне радкоў, у якіх усе словы напісаны правільна і інш.

 

Арфаграфічныя хвілінкі ўключаюць у сябе развіццё ў вучняў умення разважаць над прымяненнем правілаў да адпаведнага матэрыялу.

Увага стварае аснову для арфаграфічнай пільнасці.

Усё большае значэнне у сучасных умовах набывае развіццё ў вучняў матываў навучання, абуджэнне у іх цікавасці да мовы, неабходнасці ў ведах, уменнях і навыках па роднай мове.

Адным з такіх сродкаў з’яўляецца нагляднасць. Для малодшых  школьнікаў  –  гульнёвыя варыянты, а таксама выкарыстанне  ілюстрацый для запісу слоў.

Каб прабудзіць у вучня ўнутранае жаданне авалодаць нормамі правапісу, неабходна перш за ўсё   на яркіх, даступных прыкладах паказаць  яму значнасць арфаграфіі, запэўніць  у неабходнасці авалодання ёю.

     Адной з найбольш дзейсных форм правядзення арфаграфічных хвілінак з’яўляецца моўная крыжаванка. Вашай увазе прапаноўваецца адзін са шматлікіх варыянтаў моўнай крыжаванкі для вучняў 9 – 11 класаў. У прыватнасці на ёй замацоўваюцца арфаграфічныя навыкі па тэмах  “Правапіс літар О, Ё”, “Правапіс літар Э, Е”, “Перадача акання на пісьме”, “Правапіс У (складовага) і Ў (нескладовага)”.

Моўная крыжаванка

Презентацыя. Моўная крыжаванка